З рубрыкі “Пісьменнікі-землякі”

Пакуль паэты будуць пець,
не быць радзіме безыменнай

Ніл Гілевіч.

25 лютага ў чытальнай зале каледжа адбылася сустрэча з паэткай , настаўніцай музыкі , збіральніцай і выканаўцай старадаўніх палескіх песень Ірынай Мікалаеўнай Ляшкевіч. Паэтэса ўваходзіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Ірына Мікалаеўна з’яўляецца кіраўніком узорнага аматарскага аб’яднання “Згадка” Мачульскага СДФ. Аб’яднанне “Згадка” ў мінулым годзе адзначыла 30 гадоў. Ужо 5 гадоў творчасці адзначыў гурт “Каляжанкі”, якім кіруе Ірына Мікалаеўна. Самае цікавае і незвычайнае ў тым, што гурт створаны на кухні, а вырас да рэспубліканскага ўзроўню. За ўдзел у песенных конкурсах адзначаны Гран-пры.

Ірына Мікалаеўна распавядала пра сваю вёску Мачуль , якая мае багатую гістрыю , якой споўнілася больш за 500 гадоў. Свой радавод па лініі маці ведае са старадаўняй шляхецкай сям’і. Маці паэткі- філолаг, бацька – ветэрынарны ўрач , а ў сям’і бабулі і дзядулі заўсёды ўшаноўваліся традыцыі і ніколі не знікала вера. З пяшчотай і глыбокай павагай узгадвае паэтка пра дзеда. Ён быў казачнікам. Гэта добры і мудры чалавек, які надалей  стаў ідэалам мужчыны, бацькі ,гаспадара, якому быў прысвечаны не адзін верш. Звычка спяваць песні пайшла ад маці. Песні спявалі заўсёды і ўсе. У памяці захаваліся незабыўныя вечары, калі маці ставіла свечку на стол і заводзіла песню, каб было весялей бавіць восеньскія вечары, бо ў той час часта прападала святло ў хаце.

Першыя спробы пяра з’явіліся ў 13-14 гадоў. Першы верш напісаны на прамакашцы , які знайшла маці , прачытала і спытала: “Што гэта такое? Ты лепш не марнуй час”. Дзяўчына працягвала пісаць вершы , але хавала далей ад вачэй. У 25 гадоў Ірына Мікалаеўна пачала адсылаць свае вершы на рускай мове ў раённую газету”Навіны Палесся”. Віктар Вабішчэвіч параіў пісаць на беларускай мове. Усё атрымалася : радкі паплылі ад душы і ад сэрца. У 2000 годзе друкуецца зборнік вершаў “Сувой”. Назва ” Сувой” азначае скруткі палатна , што стаялі ў куфры.

Ірына Мікалаеўна маці чатырох дзяцей , якіх трэба выгадаваць і паставіць на ногі. Праз васямнаццаць год выдаецца кніга “Вас я чакала…” У кнізе 5 раздзелаў, з кожнага раздзела гучалі вершы паэтэсы.  15 вершаў пакладзены на музыку кампазітара Міхася Рубіна. Запіс некаторых з іх навучэнцы з задавальненнем праслухалі . Вершы пераважна рамансавыя,вельмі любіць пісаць паэтка чатырохрадкоўе (кароткі верш). Тэматыка творчасці шматгранная: роднай зямлі , маці,традыцыям,песні. Прысутнічаюць вершы філасофскай накіраванасці, пейзажная, інтыная лірыка, вершы , прысвечаныя канкрэтным людзям. У вёсцы з’явіўся інтэрнэт, і Ірына Мікалаеўна зарэгістравалася ў Facebook, а там столькі знаёмств , столькі цікавых і творчых людзей розных прафесій! Яны ж і сталі аматарамі творчасці паэткі , нават прыязджаюць у госці палухаць мясцовую каларытную гаворку. Паслухаць цішыню вёскі і паглядзець на прыгажосць наваколля.А гэта ўсё натхняе Ірыну Мікалаеўну на творчасць і дае зарад бадзёрасці.

Самае любімае свята – гэта Каляды. Каля 30 гадоў Ірына Мікалаеўна з’яўляецца нязменным удзельнікам  у святочных калядаваннях. Да позняй ночы хадзіла з калядоўшчыкамі  віншаваць жыхароў сваёй  вёскі і суседніх , а пад раніцу садзілася і яшчэ пісала вершы. На гэтую тэму прагучаў верш “Вясковая” , яго  чытала навучэнка групы Б-73 Антанюк Дар’я.

Час сустрэчы праляцеў вельмі хутка. Навучэнцы атрымалі адказы на свае запытанні. Адно з пытанняў было па прозе :ці збіраецца друкаваць  Ірына Мікалаеўна апавяданні?  На што яна адказала , што верш нараджаецца адразу , а з прозай трэба пасядзець. Пісьменніца піша кароткія апавяданні і эсэ , якія збіраецца выдаць пазней.

Сустрэча з пісьменніцай вельмі ўразіла навучэнцаў , акрамя вершаў мы пачулі яе песні ,  а таксама прыемна былі здзіўлены яе лялькам , якія яна шые сама. Лялькі апранутыя ў аўтэнтычнае нацыянальнае адзенне. Госця стала наведвальцай музея каледжа. Украінец І.М. расказала аб гісторыі стварэння нашай установы, у кнізе наведвальнікаў паэтэса пакінула запіс. Затым не абмінулі каледжскую сталовую , дзе смачна і танна паабедалі. 

 Змест і фота  

 падрыхтавала выкладчык

беларускай мовы і

літаратуры Чэх А.А.